“У дзяцінстве, ды і пазней, я звяртаўся да знаёмых мужчын так: дзядзька Змітрок, дзядзька Тодар, дзядзька Тамаш, дзядзька Аніс, дзядзька Акім, дзядзька Кастусь. Перамерлі гэтыя дзядзькі і іх імёны. Унукаў і праўнукаў імёнамі дзядоў ужо не называюць. Да знаёмых жанчын у дзяцінстве сваім я звяртаўся на роднай мове і ў духу нацыянальных звычаяў так: цётка Марыля, цётка Гілена, цётка Барбара, цётка Параска, цётка Рыпіна, цётка Луцэя, цётка Зося, цётка Еўка, цётка Тэкля… Адышлі на вечны супачын гаротніцы-цёткі, зніклі і іх імёны. Унучкам і праўнучкам яны не дасталіся.
Нехта ў свой час пераканаў, што Марыля, або Гілена, або Зося – гучыць непрыгожа, некультурна. Зрэшты, пераканалі ўвесь народ, што яго імёны брыдкія, немілагучныя і што іх трэба памяняць на лепшыя. І пачалі мяняць. І напераменьваліся так, што ўжо нічога, ані знаку свайго не засталося. Па імені ўжо не пазнаеш, што перад табой беларус. Паляка пазнаеш, што паляк, літоўца пазнаеш, што літовец, армяніна пазнаеш, француза пазнаеш – у кожнага народа свае імёны, чаму ж не пазнаць. А мы сваіх імёнаў не маем, нас па імені не адрозніш… Але ж быў час, мілыя мае браткі беларусы, калі пазнавалі па імені і нас, грэшных. Пачуеш: Міхась, Юрась, Тамаш, Сымон, Антось, Язэп, Лукаш, Змітрок, Пятрусь, Абросім – ну, ясна, з Беларусі таварышы! Свет увесь пазнаваў і паважаў нас за гэта, што свае імёны мелі” (Ніл Гілевіч).